П’Е́РА ДЭ́ЛА ФРАНЧЭ́СКА (Piero della Francesca; каля 1416, г. Сансеполькра, Італія — пахаваны 12.10.1492),
італьянскі жывапісец, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Ранняга Адраджэння. Зазнаў уплывы Мазачыо, Ф.Брунелескі, Л.Б.Альберці і нідэрл. мастацтва. У 1439 быў памочнікам Даменіка Венецыяна ў Фларэнцыі. Працаваў пераважна ў Сансеполькра і Урбіна, а таксама ў Ферары, Рыміні, Рыме, Арэца. Адзін з першых звярнуўся да лінейнай перспектывы ў жывапісе. Творы вызначаюцца веліччу вобразаў, аб’ёмнасцю форм, празрыстасцю каларыту: фрэскі «Сіджызмонда Малатэста перад сваім святым патронам» у царкве Сан-Франчэска ў Рыміні (1451), «Гісторыя жыватворнага крыжа» ў царкве Сан-Франчэска ў Арэца (цыкл, 1452—66), «Мадонна дэль Парта» ў капэле дэль Чымітэра ў Мантэркі (пасля 1460), паліпціх «Мадонна дэла Мізерыкордыя» (1450—62); карціны «Святы Іеранім» (1450), «Хрышчэнне Хрыста» (1450—55), «Бічаванне Хрыста» (каля 1455—60), «Мадонна са святымі, анёламі і Федэрыга да Мантэфельтра (каля 1472—74), «Мадонна са святымі і герцагам Урбінскім» (каля 1472—75), «Раство» (каля 1475); партрэты герцага Урбінскага Федэрыга да Мантэфельтра і яго жонкі (каля 1465) і інш. Аўтар тэарэт. трактатаў «Аб перспектыве ў жывапісе» (да 1482), «Кніжыца аб пяці правільных целах» (пасля 1482).
Л.Ф.Салавей.
П’ера дэла Франчэска. Мадонна са святымі, анёламі і Федэрыга да Мантэфельтра. Каля 1472—74.